Паплечнікі памерлага ў расійскай калоніі Аляксея Навальнага апублікавалі артыкул пра тое, як расіянам галасаваць на выбарах прэзідэнта РФ. Тэкст матэрыялу палітык напісаў незадоўга да сваёй смерці ў калоніі ў Харпе і прасіў апублікаваць яго перад пачаткам галасавання.

Аляксей Навальны заклікаў сваіх прыхільнікаў паставіць на мабільныя тэлефоны распрацаваную яго паплечнікамі праграму «Фатон-2024», прыйсці апоўдні 17 сакавіка на выбарчыя ўчасткі і паставіць галачку насупраць любога пункта ў бюлетэні, акрамя дзейнага прэзідэнта РФ Уладзіміра Пуціна.
Як удакладніў палітык, праграма закліканая дапамагчы тым, хто не ведае, каму (акрамя Пуціна) аддаць свой голас. Яно прапануе адзін з варыянтаў выпадковым чынам.
«У залежнасці ад вашай карціны свету, можаце лічыць, што выбар за вас зрабіў Бог, прырода, хаос, космас, выпадковасць ці маці-маржыха. Я спадзяюся, што нашая задума дапаможа вам вырашыць, што ж зрабіць апоўдні 17 сакавіка, раз ужо вы прыйшлі на ўчасткі, і верне нас ад бессэнсоўнага абмеркавання, за каго галасаваць. Вы дакажаце, як шмат у Расіі тых, хто не хоча Пуціна на пяты тэрмін», — напісаў Навальны.
Палітык падкрэсліў, што, на ягоную думку, «разумна будзе галасаваць за ўсіх, хто не Пуцін, раўнамерна, не выдзяляючы нікога».
«Гэта нам падыходзіць у тым ліку і таму, што ў прынцыпе задаволіць усіх кандыдатаў і іх прыхільнікаў. Нейкія галасы яны атрымаюць дакладна і не стануць процідзейнічаць нашай стратэгіі (на справе. Услых яны скажуць тое, што Крэмль ім загадвае)», — адзначыў Навальны.
Нагадаем, прэзідэнцкія выбары ў Расіі пройдуць з 15 да 17 сакавіка 2024 года. Да ўдзелу ў іх дапусцілі толькі Уладзіміра Пуціна і яго сістэмных апанентаў: Мікалая Харытонава (ад КПРФ), Уладзіслава Даванкова (ад «Новых людзей»), Леаніда Слуцкага (ЛДПР). Раней ЦВК РФ адмовіла ў рэгістрацыі «антываеннаму кандыдату» Барысу Надзеждзіну, які збіраў чэргі з ахвочых падтрымаць подпісам яго вылучэнне.
Чытайце таксама