Маладога жыхара Гродна затрымалі за татуіроўку з выявай герба Украіны і лозунгамі на ўкраінскай мове, паведамляе неафіцыйны тэлеграм-канал сілавікоў.
У «пакаяльным» відэа хлопец кажа, што жыве ў Гродне і мае сярэднюю спецыяльную адукацыю. Паводле яго словаў, татуіроўка прынесла яму «толькі праблемы» і ён абавязваецца яе звесці. Ці выстаўленыя яму якія-небудзь абвінавачанні, не паведамляецца.
На татуіроўцы выяўленыя стылізаваны герб Украіны і лозунг «Рабів до раю не пускають. Воля або смерть» («Рабоў у рай не пускаюць. Свабода ці смерць». — Заўв. рэд.).
Аўтарства першай фразы прыпісваюць кашавому атаману Запарожскай Сечы Івану Сярко, удзельніку паўстання Багдана Хмяльніцкага і іншых шматлікіх паходаў і бітваў ва Украіне XVII стагоддзя. Са словамі «Рабів до раю не пускають» прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі звярнуўся да народа ў гонар Дня Герояў Нябеснай Сотні 20 лютага 2023 года.
У сваю чаргу, лозунг «Свабода або смерць» у розны час быў папулярны падчас барацьбы за незалежнасць у розных народаў — казакоў, армян, грузін, румын, балгараў, бразільцаў, чачэнцаў і іншых. Цяпер гэта нацыянальны дэвіз Уругвая, а таксама Грэцыі.
Чытайце таксама