Першыя ядзерныя снарады дастаўленыя ў Беларусь. Пра гэта заявіў прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін падчас Пецярбургскага міжнароднага эканамічнага форуму 16 чэрвеня.

«Мы частку гэтай тактычнай ядзернай зброі перамесцім на беларускую тэрыторыю. Гэта адбылося. Але толькі першыя. Гэта першая частка. Да канца лета мы гэтую працу выканаем цалкам», — сказаў Пуцін.
Прэзідэнт Расіі дадаў, што ядзерная зброя ствараецца дзеля забяспечання бяспекі і існавання расійскай дзяржавы. Ён падкрэсліў, што ядзернай зброі ў РФ больш, чым у краін NATO.
— Яны ведаюць пра гэта і ўвесь час схіляюць нас да таго, каб мы пачалі перамовы па скарачэнні. Хрэн вам, як у нас у народзе кажуць, — сказаў Пуцін пад апладысменты залы.
Нагадаем, 25 траўня міністры абароны Беларусі і Расіі падпісалі дакументы, якія вызначаюць парадак трымання расійскай нестратэгічнай ядзернай зброі ў спецыяльным сховішчы на тэрыторыі Беларусі. Кіраўнік расійскага ваеннага ведамства Сяргей Шайгу тады ўдакладніў, што Расія, размяшчаючы нестратэгічную ядзерную зброю на тэрыторыі Беларусі, не перадае яе рэспубліцы, кантроль над ёю і рашэнне пра выкарыстанне застаецца за Масквой.
Аляксандр Лукашэнка раней заяўляў, што калі Расія размесціць сваю тактычную ядзерную зброю ў нашай краіне, то кіраваць ёю будзе Беларусь.
«Усё будзе па законе і па правілах. Бескантрольнай зброі ў Беларусі няма і быць не можа. Таму кіраваць усім тым, што ёсць у Беларусі, будзем мы тут», — сказаў Лукашэнка ў сваім пасланні беларускаму народу 31 сакавіка.
Зрэшты, гэтую ягоную заяву хутка абверглі ў Крамлі. Пазней і сам Лукашэнка прызнаў, што для выкарыстання размешчанай у Беларусі ядзернай зброі яму трэба будзе стэлефанавацца з Пуціным.
13 чэрвеня каардынатар Рады нацбяспекі Белага дома Джон Кірбі паведаміў, што ЗША пакуль не бачаць прыкмет, якія б сведчылі пра тое, што перамяшчэнне расійскай тактычнай ядзернай зброі ў Беларусь адбылося.
«Адносна Беларусі, усё, што я магу сказаць, — гэта тое, што мы не бачылі ніякіх прыкмет таго, што магло б прымусіць нас змяніць нашую ўласную пазіцыю адносна ядзернай гатоўнасці або патэнцыялу», — цытуе Кірбі «Еўрапейская праўда».
Кірбі таксама падкрэсліў, што рыторыка Аляксандра Лукашэнкі «адпавядае безразважнаму і безадказнаму падыходу гаварыць пра ядзерны патэнцыял».
Чытайце таксама