Спявачка Мэрыем Герасіменка атрымала тры гады хатняй хіміі за выкананне каля мінскага бара «Банки-бутылки» на Зыбіцкай песні з рэпертуару ўкраінскага гурта «Акіян Эльзы» ў жніўні 2022 года. У студзені 2024 года яна эвакуіравалася ў Грузію. Там 4 красавіка 2024 года Мэрыем пабралася шлюбам з Антонам. Мужчына — грамадзянін Расіі, але з дзевяцігадовага ўзросту жыў у Беларусі. Ён быў дэпартаваны за адмову ад дачы паказанняў на Мэрыем. З лета мінулага года пара жыве ў Варшаве У падкасце «Жемчуг» спявачка распавяла, як склалася іх жыццё пасля заключэння шлюбу. Увагу на відэа звярнула «Наша Ніва».
«Мы паехалі ў Дом юстыцыі Грузіі. Мяне трэсла немагчыма. Я ніколі так не нервавалася. Ні адно тэлешоу проста побач не стаіць», — прызнаецца жанчына.
Сам працэс заключэння шлюбу, па яе словах быў вельмі будзённы: «Мы проста падыходзім да акенца, сядаем. Нам працягваюць дакументы на грузінскай. Мы падпісваем».
Пасля яны на машыне разам з сабакам паехалі ў сталіцу Кахетыі, дзе спыніліся ў бутык-гатэлі.
«Я думала, што гэта ўвогуле самы лепшы дзень у маім жыцці», — гаворыць Мэрыем і прызнаецца, што на 4 красавіка 2025 года, гадавіну вяселля, яны планавалі арганізаваць сваё вяселле ў Іспаніі. Але зразумелі, што будзе вельмі цяжка сабраць па свету сваіх блізкіх. Да таго ж, змяніліся іх адносіны ў шлюбе.
«Мы насамрэч вельмі крутая пара. (…) Мы прайшлі вельмі шмат. (…) Усе думалі, што гэта нейкая ідэальная гісторыя кахання, якая прайшла ўсе абставіны эміграцыі. Давайце будзем шчырымі (мы ўжо дарослыя з вамі дзяўчынкі і хлопчыкі): нічога не бывае ідэальным. Эміграцыя вельмі моцна б’е па менталцы. Камусьці цяжэй, камусьці складаней. Так, мы зараз не разам, [але] мы ў выдатных адносінах», — шчыра расказвае Мэрыем.
Спявачка прызнаецца, што ў яе няма чалавека, бліжэйшага за мужа, але «для таго, каб працягнуць рабіць здаровую ячэйку грамадства і жыць шчасліва, кожны з нас павінен навесці парадак у сваёй галаве і ў сваім жыцці».
Мэрыем не называе прычыну, якая прывяла да таго, што яны з мужам ужо два месяцы не жывуць разам.
«Магчыма, ёсць такія моманты, якія асабіста ў маім светаўспрыняцці мне дараваць складана. (…) У нас адбылася сітуацыя, якая стала апагеем, і якая прывяла да таго, што мы разышліся», — даводзіць Мэрыем і заўважае, што для таго, каб развесціся, ім неабходна паехаць у Грузію, дзе быў зарэгістраваны шлюб.
У той жа час, яна не спяшаецца з разводам, бо лічыць неабходным падтрымаць свайго партнёра, які праходзіць легалізацыю ў Польшчы па трэку ўз'яднання сям'і.
«Калі я кахаю, я кахаю абсалютна. І ў гэтым моманце я таксама іду на кантакт. Захаванне сям'і — гэта разуменне. (…) Калі я адпускаю, мы потым больш не вяртаемся. А тут гэта занадта прыгожая гісторыя, занадта моцныя пачуцці, для таго каб…»
«Тут у яго крыху менш нейкіх знаёмых, чым у мяне. І ўсё ж эміграцыя для чалавека, з пашпартам не беларускім, а расійскім, крыху больш складана ідзе. Самае галоўнае, што мы адно ў аднаго — гэта падтрымка, мы самі ведаем, як мы адно да аднаго ставімся. Час пакажа, якое рашэнне прыму я, прымем мы», — даводзіць спявачка.
Па словах Мэрыем, яе мужу вельмі цяжка даўся пераезд з Грузіі ў Варшаву. Да гэтага яму двойчы адмаўлялі ў візе, і, каб яе атрымаць, давялося ехаць у Расію.
Ужо ў Варшаве, па словах жанчыны, яна бачыла, што яе муж не адчувае сябе шчаслівым:
«Я проста бачу, што чалавек нешчаслівы. (…) Ён прачынаецца, ён не разумее, што ён прачынаецца тут. І гэта вельмі моцна нас разбалансуе. А я ў моманце няправільна, магчыма, рабіла. Я кажу, хопіць ныць. Тыпу, усім цяжка. І ён праз сябе ішоў, але я яму ўдзячна за тое, што зараз ён вось… Не тое, каб палюбіў гэты горад для мяне… Ён проста захацеў яго спазнаваць», — дзеліцца асабістым спявачка.
Мэрыем сцвярджае, што яны з мужам усяляк імкнуцца захаваць сям’ю, але, каб гэта адбылося, «неабходны ўсвядомленыя ўчынкі і дзеянні, а таксама пераасэнсаванне каштоўнасцей». «Мне неабходна папрацаваць з галавою, ці гатовая я пераступіць праз некаторыя моманты і ісці далей», — кажа спявачка.
На пытанне, ці зможа прабачыць, жанчына адказвае, што, магчыма, зможа адказаць на яго праз год. Яна верыць у тое, што ўсё адбываецца так, як і павінна быць.
«Не сумуй, сказала Аліса, хутка будзе зразумела, дзеля чаго ўсё гэта было неабходна. А будзе ўсё так, як і павінна было быць», — цытуе Мэрыем кнігу «Аліса ў краіне цудаў».
Распечатано с портала ZERKALO.IO