«Нашыя збеглыя мярзотнікі ўстурбаваліся». Лукашэнку паказалі тэхніку для збору камянёў на палях, але ён вырашыў не выключаць ручной працы
Читать по-русски


Аляксандр Лукашэнка сёння інспектуе Магілёўскую вобласць, паведамляе яго прэс-служба. Яму паказалі тэхніку для збору камянёў на палях, да прыбірання якіх у Беларусі цяпер прыцягваюць студэнтаў, вайскоўцаў, асуджаных. Але ён вырашыў, што выкарыстоўваць тэхніку можна не ўсюды — і без рабскай працы не абысціся.

Фото: телеграм-канал пресс-службы Александра Лукашенко
Фота: тэлеграм-канал прэс-службы Аляксандра Лукашэнкі

Лукашэнка заўважыў, што пасля яго даручэнняў наконт збірання камянёў «нашыя збеглыя мярзотнікі ўстурбаваліся», што да гэтай працы прыцягваюць людзей, у тым ліку школьнікаў, студэнтаў, вайскоўцаў і асуджаных, у той час як у іншых краінах для гэтага выкарыстоўваецца спецыяльная тэхніка.

«Але трэба грошы лічыць. Не ўсюды яе запусціш», — адзначыў Лукашэнка.

На яго думку, такую тэхніку мэтазгодна выкарыстоўваць на тых глебах, дзе сапраўды шмат камянёў. А дзе іх менш, лепш выкарыстоўваць ручную працу.

Як далажылі Лукашэнку, айчынная машына на 40% таннейшая за польскія аналагі. На гэты момант лакалізацыя 85%, але працуюць над тым, каб давесці яе да 100%.

Нагадаем, Аляксандр Лукашэнка 26 сакавіка прыехаў у Ашмянскі раён праверыць выкананне задач у зоне размяшчэння танкавага батальёна. Акрамя разваг пра вайну з Захадам і пагроз у адрас патэнцыйных парушальнікаў мяжы ён знайшоў час зірнуць на мясцовыя палі і ўбачыў там мноства камянёў. Пасля візіту палітыка туды адправілі на ўборку студэнтаў, работнікаў прадпрыемстваў і вайскоўцаў. Выкарыстоўваюць падчас яе і працу людзей, якія адбываюць пакаранне.