«Што такое два гады?!» У Беларусі збіраюцца ўвесці абавязковую адпрацоўку і для платнікаў. А тэрмін размеркавання павялічыць
Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски


Пытанне размеркавання выпускнікоў сярэдніх спецыяльных і вышэйшых навучальных установаў абмеркаваў Аляксандр Лукашэнка з міністрам адукацыі Андрэем Іванцом на нарадзе 21 верасня.

Министр образования Беларуси Андрей Иванец во время совещания у Лукашенко. 21 сентября 2023 года. Фото: president.gov.by
Міністр адукацыі Беларусі Андрэй Іванец падчас нарады ў Лукашэнкі. 21 верасня 2023 года. Фота: president.gov.by

Кіраўнік Мінадукацыі падкрэсліў, што яго ведамства кантралюе пытанні абавязковай адпрацоўкі бюджэтнікаў. Пры гэтым адзначыў, што ёсць «адзінкавыя выпадкі», калі выпускнікі адмаўляюцца ад размеркавання і кампенсуюць кошт навучання.

— Сёння і бюджэтнік, і платнік, на нашую думку, мусіць адпрацоўваць. Адпаведныя змены рыхтуем для ўнясення змяненняў у Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адукацыі, — заявіў міністр.

Іванец нагадаў, што выпускнікі дзённай формы навучання на бюджэце адпрацоўваюць два гады, мэтавікі — не менш за пяць гадоў. Лукашэнка падкрэсліў, што лічыць гэта недастатковым.

— Непрымальна для краіны, калі спецыялісты з’язджаюць за мяжу, а мы так спакойна да гэтага ставімся. ВНУ скончыў, два гады адпрацаваў. Што такое два гады?! Гэта, лічыце, мы яго вучылі ў ВНУ і яшчэ праз настаўніцтва досвед набывае. Мы яго вучым два гады на працы, у школе, дапусцім, калі гэта настаўнік. І ён (настаўнік. — Заўв. рэд.) ці медык з’язджае. Лічу, што тут павінныя дзейнічаць забаронныя меры. <…> Ну, хаця б паўзабаронныя. Дапусцім, пяць гадоў. Правільна, мэтавік — не менш за пяць гадоў. А можа, яшчэ і арыентаваць дзесьці акуратна, да сямі гадоў. У адваротным выпадку не хадзі ў мэтавікі, — сказаў палітык.

У размеркаванні платнікаў Лукашэнка таксама не бачыць ніякіх супярэчнасцяў. Беларуская вышэйшая адукацыя каштуе даражэй, чым плацяць студэнты.

— Я параўноўваю з узроўнем аплаты там, на Захадзе. Там шалёныя грошы гэта каштуе. Таму ладна, плацім столькі, добра — адпрацуйце.

Міністр Іванец пацвердзіў: «Сёння ў нас платнік кампенсуе не больш чым 50−70% кошту свайго навучання».

— Фактычна ў нас сёння ў рэспубліцы няма платнай адукацыі. Гэта паўплатная адукацыя, якую субсідыюе дзяржава, — заявіў кіраўнік Мінадукацыі.

Нагадаем, 16 лістапада старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава заявіла: «Міністэрству адукацыі, ВНУ пастаўленая задача — размяркоўваць не толькі тых, хто вучыўся на бюджэтнай аснове, а размяркоўваць усіх». Тады ў Мінадукацыі паведамілі, што на гэты момант у Кодэксе аб адукацыі абавязковае размеркаванне для платнікаў не прадугледжанае, а на пытанне, ці плануецца нешта такое, адказалі, што «пакуль даручэнняў не было».

Чытайце таксама