У Мінску праводзяць серыю канцэртаў «Кожны трэці», якія прысвечаныя 80-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Генеральнай прадзюсаркай выступіла нявестка Лукашэнкі — Ганна. Арганізацыяй займаецца Палац Рэспублікі, які ўваходзіць у Кіраўніцтва справамі палітыка, і, імаверна, яе ж кампанія. Расказваем, колькі сродкаў ідзе з бюджэту на гэтыя мерапрыемствы.

Хто арганізоўвае канцэрты
Дзяржвыданне «СБ. Беларусь сегодня» расказала, што з 6 да 12 красавіка ў Мінску пройдзе серыя канцэртаў-рэквіемаў «Кожны трэці». Генеральнай прадзюсаркай выступіла Ганна Лукашэнка — нявестка Аляксандра Лукашэнкі. На канцэртах будуць выконваць у тым ліку песні, напісаныя ёй самой пад псеўданімам Ганна Сялук. Таксама яна пазначаная адным з аўтараў сцэнара мерапрыемства.
Але гэта не ўсё — адным з арганізатараў гэтага праекта выступае кампанія «Музычная медыякампанія», якая, імаверна, звязаная з ёй.
Раней паведамлялася, што паводле дакументаў гэтая фірма належыць Палацу Рэспублікі (30%) і кампаніі «АНСЛ прадакшн» (70%), што сугучна з ініцыяламі Ганны Сяргееўны Лукашэнка. Аднак фармальна апошняй валодае Андрэй Урублеўскі, які працаваў з Дзмітрыем Лукашэнкам. Як мяркуюць незалежныя медыя, Урублеўскі можа выконваць функцыю намінальнага ўладальніка ў фірме з мэтай утойвання рэальнай уласніцы, то-бок Ганны Лукашэнка.
Сярод арганізатараў ёсць таксама Палац Рэспублікі, які ўваходзіць у Кіраўніцтва справамі Лукашэнкі, і шэраг ведамстваў, у тым ліку сілавыя.
У колькі такія мерапрыемствы абыходзяцца бюджэту
На сайце дзяржзакупак ёсць некалькі заявак на паслугі па арганізацыі, афармленні і абслугоўванні такіх канцэртаў. Напрыклад, ужо знайшоўся выканаўца, які гатовы зладзіць мерапрыемства 9 красавіка. Гэта будзе Палац Рэспублікі, ён знаходзіцца ў падпарадкаванні Кіраўніцтва справамі Лукашэнкі. На заяўку з дзяржбюджэту вылучылі амаль 200 тысяч рублёў. З іх амаль 92,7 тысячы рублёў пойдзе на арганізацыю і правядзенне канцэрта, а астатнюю суму, як плануецца, выдаткуюць на прадстаўленне і абслугоўванне абсталявання.
Арганізацыя і правядзенне канцэрта 10 красавіка таксама абыдзецца ў 92 688 рублёў. Выканаўца — той самы, гэта Палац Рэспублікі. Гэта відаць з іншай закупкі. Прыкладна такая ж максімальная сума выдаткаў пазначаная для мерапрыемства 12 красавіка. Крыніца фінансавання — абласны бюджэт.
Звестак пра іншыя канцэрты на сайтах дзяржзакупак нам знайсці пакуль не ўдалося.
Характэрна, што ў залежнасці ад даты заказчыкамі выступалі структуры мясцовых выканкамаў розных абласцей. Названыя вышэй заяўкі — ад Магілёўскай, Гродзенскай і Гомельскай абласцей. Гэта адпавядае заявам нявесткі Лукашэнкі пра тое, што «на канцэрты ў Мінск прыедуць з усёй краіны».
Запланавана сем такіх канцэртаў. Дапусцім, што на арганізацыю і правядзенне кожнага з іх выдаткуюць па 92,7 тысячы рублёў (такая сума пазначаная ў дзяржзакупках па трох з мерапрыемстваў). Значыць, гэты артыкул выдаткаў можа абысціся бюджэту амаль у 650 тысяч рублёў.
Калі прадстаўленне і абслугоўванне абсталявання для кожнага вечара каштуе столькі ж, колькі ў адной апублікаванай закупцы, то за сем канцэртаў выйдзе больш за 700 тысяч рублёў.
Якія яшчэ ёсць выдаткі
6 красавіка, калі праходзіў першы з серыі канцэртаў, структура Брэсцкага аблвыканкама заказала два аўтобусы, каб дэлегацыя з Пінска змагла трапіць на мерапрыемства. На гэта з бюджэту вылучылі 6 тысяч рублёў. Яшчэ адзін аўтобус адпраўлялі з Баранавічаў — за 3 тысячы. Таксама Брэсцкі аблвыканкам заказаў 1300 запрашальных білетаў на гэтую дату з указаннем, што гаворка пра канцэрт-рэквіем.
Таксама кожная вобласць панясе выдаткі на запрашальныя і дастаўку гледачоў у сталіцу і назад.
Чытайце таксама