Наглядны прыклад таго, што будзе з паспяховым прыватным заводам, калі яго «адцісне» дзяржава з падачы Лукашэнкі
Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски


/

Мёрскі металапракатны завод, які раней улады забралі ў прыватнікаў з ініцыятывы Аляксандра Лукашэнкі, у асноўным прадае сваю прадукцыю ў Расію. Пры гэтым прадпрыемства прыкметна адстае ад першапачатковых планаў. Пра працу гэтага завода піша выданне «Рэспубліка».

Цех «ММПЗ-групп». Фото: facebook.com/MiorySteel
Фота ілюстрацыйнае. Цэх завода ў Мёрах. Фота: facebook.com/MiorySteel

Мёрскі металапракатны завод робіць белую бляху, якая выкарыстоўваецца для вытворчасці кансервавых слоікаў, накрывак, дроту, аэразольных балонаў і розных ёмістасцяў, напрыклад для фарбы.

У 2024 годзе гэтая фабрыка выпусціла 72 тыс. тон прадукцыі. З іх толькі пятую частку прадалі на ўнутраным рынку, астатняе пайшло ў іншыя краіны. 80% экспарту арыентуюць на Расію.

— Беларускім спажыўцам (Рагачоўскі і Глыбоцкі малочна-кансервавыя камбінаты, прадпрыемствы «Магол», «Унібокс» і іншыя) адгружаем 20% вырабленай прадукцыі, закрываючы большую частку айчыннага рынку ў сваёй нішы, — заявіў генеральны дырэктар «Металапракатнай кампаніі» Сяргей Ісаеў.

Сярод іншых краін, куды прадпрыемства пастаўляе бляху, ён назваў Арменію, Казахстан, Егіпет і Турцыю, таксама пачалі яе прадаваць ва Узбекістан. Плануецца пачаць продажы ў Пакістан.

Сёлета завод хоча павялічыць вытворчасць да 85 тыс. тон. Гэта сціплейшыя планы, чым кіраўніцтва агучвала год таму. Тады заяўлялася, што ў 2025-м вырабяць 120 тыс. тон белай бляхі. А калі прадпрыемства з ініцыятывы Аляксандра Лукашэнкі толькі «адціснулі» ў бізнесоўцаў, планы былі вырабляць па 150 тыс. тон за год.

Як развівалася гісторыя з нацыяналізацыяй прыватнага завода

Бізнесовец Аляксей Кавалёнак і ягоныя партнёры запусцілі Мёрскі металапракатны завод у 2020 годзе. Інвестыцыі склалі 200 млн еўра. У тым самым годзе «ММПЗ-груп» заключыла спонсарскі кантракт з адной з найважнейшых гоначных каманд «Формулы-1» McLaren.

У чэрвені 2021 года, незадоўга да візіту на прадпрыемства ў Мёрах Аляксандра Лукашэнкі, сілавікі затрымалі яго кіраўнікоў. Пасля гэтага чыноўнікі ўзяліся «ратаваць» прадпрыемства. У выніку ў 2022 годзе ўсе актывы і даўгі Мёрскага металапракатнага завода перайшлі новай дзяржаўнай фірме, яе заснаваў «Белколермет». У жніўні таго ж года Аляксандр Лукашэнка заявіў пра нацыяналізацыю завода «ў сувязі з тым, што прыватнікі не выканалі свае абавязанні», тады палітык абурыўся, што «ідэальнае прадпрыемства ператварылі ў банкрута».

У лістападзе 2022 года завод у Мёрах перадалі створанаму дзяржпрадпрыемству «Металапракатная кампанія», якая працуе пад брэндам Tinergy. Яна падпарадкоўваецца «Белколермету». Кіраўніцтва прадпрыемства запэўнівае, што ў дзяржаўных руках завод працуе паспяхова, з «упэўненасцю ў заўтрашнім дні». Аднак на рашэнне Саўміна прадпрыемства не публікуе фінансавай справаздачнасці.

Што да «Беларусбанка», то ён удзельнічаў у фінансаванні набыцця асноўнага тэхналагічнага абсталявання. У 2015 годзе кампанія брала крэдыт для фінансавання паставак тэхналагічнага абсталявання з Германіі. «Заключаныя крэдытныя дамовы на агульную суму 106,2 млн еўра за кошт рэсурсаў нямецкага банка AKA Ausfuhrkredit-Gesellschaft mbH», — паведамляла прэс-служба банка. Для гэтага «Беларусбанк» прыцягваў рэсурсы нямецкіх банкаў. На заводзе ўдакладнялі, што крэдыты бралі на 10 гадоў «пад беспрэцэдэнтна нізкую працэнтную стаўку» і без прыцягнення гарантый урада Беларусі.

На аўкцыёне неаднаразова спрабавалі прадаць маёмасць «ММПЗ-груп» на суму амаль 1,5 млн рублёў. Апошні раз — 3 лістапада 2023 года. Аднак таргі не адбыліся, не знайшлося ахвотных купіць маёмасць, вынікае з Адзінага дзяржаўнага рэестра звестак пра банкруцтва.

У сярэдзіне студзеня 2024 года ў Эканамічным судзе Віцебскай вобласці завяршылі ліквідацыйную вытворчасць кампаніі «ММПЗ-груп». Гэта значыць, што фірму, прызнаную банкрутам, закрываюць.

Чытайце таксама