Святлана Ціханоўская пракаментавала з’яўленне Віктара Бабарыкі пасля доўгага перыяду, калі пра яго не было ніякіх вестак. Палітык назвала гэтую падзею «неймаверным шчасцем», аднак падкрэсліла, што рэжым працягвае выкарыстоўваць палітвязняў як інструмент ціску і маніпуляцый. Пра гэта яна напісала ў сваім тэлеграм-канале.
«Убачыць Віктара Бабарыку, як і Марыю Калеснікаву некалькі месяцаў таму, — гэта велізарная палёгка. Але мы не мусім забываць, што за кратамі несправядліва застаецца больш за 1200 палітвязняў», — заявіла Ціханоўская.
Яна нагадала пра страшныя рэаліі, з якімі сутыкаюцца сем'і тых, хто трапіў за краты. «Кожны дзень у зняволенні — гэта страта цэлага жыцця, якое працягваецца на волі. Мой муж не бачыць, якімі дарослымі ўжо сталі Карней і Агнія. Сыны Паліны Шарэнды-Панасюк растуць без матчынай любові. Ігар Лосік ужо 4,5 года не бачыў сваю дачку Паўліну. Жыццё спыняецца ў цэлых сем’яў, бо рэжым ахвяруе людзьмі дзеля ўлады», — адзначыла яна.
Ціханоўская таксама закранула тэму інкамунікада — сітуацыі, калі зняволеныя цалкам пазбаўленыя сувязі з вонкавым светам. «Мы вывучылі гэтае жудаснае слова. Не ведаць, ці жывы твой блізкі, ці здаровы ён, у якім стане знаходзіцца — гэта пакутліва. Калі так балюча на волі, страшна ўявіць, што адчуваюць яны там, за кратамі», — падкрэсліла яна.
Яна назвала спыненне практыкі інкамунікада «першым крокам» на шляху да спынення палітычных рэпрэсій. «Наступным крокам мусіць стаць вызваленне тых, хто трапіў за краты за свае погляды», — дадала Ціханоўская.
Палітык звярнулася да беларусаў з заклікам працягваць барацьбу за правы і свабоды тых, хто несправядліва пазбаўлены волі. «Мы не павінныя забываць пра тых, хто цяпер за кратамі. Іх жыццё — гэта нашая адказнасць», — заключыла яна.
Нагадаем, пра Віктара Бабарыку не было вестак з красавіка 2023 года. Раман Пратасевіч сёння, 8 студзеня, апублікаваў фатаграфіі з сустрэчы з ім і перадаў «вестачкі ад яго родных».