Лукашэнка паведаміў пра затрыманні сярод набліжаных чыноўнікаў
Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски


На нарадзе з урадам 14 чэрвеня большую частку часу Аляксандр Лукашэнка прысвяціў карупцыі. Ён расказаў пра затрыманні сярод топ-чыноўнікаў.

Фото: Скриншот видео БелТА
Ігар Брыло. Скрыншот відэа БЕЛТА

Ён згадаў справу свайго былога памочніка — інспектара па Віцебскай вобласці, экс-міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Ігара Брыло:

— Не буду нагадваць і паўтараць. Прыцягнутыя (у межах крымінальнай справы. — Заўв. рэд.) тры дзясяткі чалавек. Не смешна! Вінаваты — будзеш сядзець!

Яшчэ адна справа — у дачыненні да першага намесніка кіраўніка справамі Аляксандра Лукашэнкі Дзмітрыя Рыбко, якога ён ахарактарызаваў як «хабарнік — кляйма няма дзе ставіць».

Нагадаем, Ігара Брыло знялі з пасады «ў сувязі са здзяйсненнем правіны, несумяшчальнай са знаходжаннем на дзяржаўнай цывільнай службе». Дакумент быў падпісаны 27 лістапада мінулага года.

Раней «Наша Ніва» са спасылкай на свае крыніцы паведамляла, што Ігар Брыло быў, як мяркуецца, затрыманы па «малочнай справе», фігурантам якой стаў і гендырэктар магілёўскага ААТ «Бабуліна крынка» Генадзь Скітаў. Суразмоўцы «Нашай Нівы» ў Барысаве расказалі: калі Скітаў кіраваў Барысаўскім мясакамбінатам, Брыло быў яго падначаленым. Ён працаваў там ветэрынарам пасля заканчэння Віцебскай ветэрынарнай акадэміі. Гэтая інфармацыя пацвярджаецца выпіскамі з базаў «Белпола».

Нагадаем, да прызначэння памочнікам Лукашэнкі па Віцебскай вобласці Брыло быў міністрам сельскай гаспадаркі і харчавання. У крэсле ён прабыў крыху больш за год.

Пра затрыманне першага намесніка кіраўніка справамі Аляксандра Лукашэнкі Дзмітрыя Рыбко таксама паведамляла «Наша Ніва». Паводле інфармацыі выдання, Рыбко быў затрыманы ў пачатку гэтага года. На гэтай пасадзе ён пратрымаўся менш за паўтара года.