Пяскоў адказаў на пытанне, хто будзе кантраляваць ядзерную зброю ў Беларусі (і здаецца, гэта не Лукашэнка)
Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски


Прэс-сакратар прэзідэнта Расіі Дзмітрый Пяскоў на просьбу ўдакладніць, хто будзе кантраляваць тактычную ядзерную зброю ў Беларусі, заклікаў арыентавацца на заявы прэзідэнта РФ Уладзіміра Пуціна ў інтэрв'ю журналісту Паўлу Зарубіну, перадае РІА «Новости».

Фото: Reuters
Фота: Reuters

«Я прапаную вам арыентавацца на тлумачэнні Уладзіміра Пуціна, якія ён зрабіў у інтэрв'ю Паўлу Зарубіну, ён пра гэта там казаў, проста перачытайце», — сказаў Пяскоў.

У інтэрв'ю Паўлу Зарубіну 25 сакавіка Уладзімір Пуцін заявіў, што Масква і Мінск дамовіліся размясціць тактычную ядзерную зброю на тэрыторыі Беларусі, пра што «даўно прасіў» Аляксандр Лукашэнка. Паводле прэзідэнта Расіі, будаўніцтва спецыяльнага сховішча для гэтых узбраенняў скончыцца да 1 ліпеня 2023 года.

Пуцін дадаў, што Расія не перадае Беларусі тактычную ядзерную зброю, а толькі размяшчае яе, што дазваляе не парушаць дамоўленасці пра нераспаўсюд ядзернай зброі.

«Мы не перадаём. І ЗША сваім саюзнікам не перадаюць. Мы, у прынцыпе, робім усё тое самае, што яны рабілі дзесяцігоддзямі. Яны маюць у пэўных краінах саюзнікаў і рыхтуюць іх носьбіты, іх жа рыхтуюць экіпажы. Мы тое самае збіраемся рабіць», — сказаў ён.

У МЗС Беларусі раней заяўлялі, што кантроль над самалётамі «са спецыфічнымі боепрыпасамі», як і размяшчэнне ядзерных боезарадаў на тэрыторыі Беларусі, будзе ажыццяўляцца «без перадачы Мінску кантролю за імі».

Аднак 31 сакавіка, падчас паслання народу і парламенту, Аляксандр Лукашэнка, адказваючы на пытанне, як плануецца выбудаваць кіраванне тактычным ядзерным арсеналам, што плануецца да размяшчэння ў Беларусі, і ці будзе ўлічанае меркаванне краіны ў момант «Х», заявіў, што «ўсё будзе па законе».

«Усё будзе па законе і па правілах. Бескантрольнай зброі ў Беларусі няма і быць не можа. Таму кіраваць усім тым, што ёсць у Беларусі, будзем мы тут», — сказаў Лукашэнка.